археалагічная культура плямён бронзавага веку, якія ў 2-й пал. 3-га — 1-й пал. 2-га тыс. да н. э. насялялі Верхняе і Сярэдняе Падняпроўе, у т. л.тэр. сучасных Гомельскай, Магілёўскай, часткова Мінскай і Віцебскай абл. Вылучаюць ранні (26—24 ст. да н.э.), сярэдні (23—18 ст. да н.э.) і позні (18—15 ст. да н.э.) этапы. На тэр. Беларусі С.к. пашырылася на сярэднім і познім этапах. Асн. заняткі насельніцтва — земляробства і жывёлагадоўля, дадатковыя — рыбалоўства, паляванне і збіральніцтва.
Паселішчы размяшчаліся на пясчаных дзюнах, узвышэннях поймы, на краях тэрас і на ўчастках карэннага берага. Жытлы наземныя слупавой канструкцыі і паўзямлянкі, унутры мелі агнішчы. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным стане на баку ў авальных або прамавугольных ямах і трупаспаленне на курганных могільніках. Насельніцтва С.к. вырабляла гаршкі, кубкі, слоікі, чашы з шара- і яйцападобным тулавам, слоікападобныя пласкадонныя пасудзіны і інш. У глінянае цеста дамешвалі пясок, шамот і дробны кварц. Верхняя частка посуду звычайна ўпрыгожвалася адбіткамі шнура, лінейнага і зубчастага штампа, наразнымі лініямі, уцісканнямі, зашчыпамі і інш. элементамі, якія ўтваралі гарыз. і дыяганальныя рады арнаментаў, трохвугольныя кампазіцыі. Плямёны С.к. карысталіся крамянёвымі і касцянымі прыладамі працы (сякеры, скрабкі, скоблі, нажы, сярпы, цёслы і інш.), меднымі і бронзавымі ўпрыгожаннямі (дыядэмы, шыйныя грыўні, бранзалеты, трубчастыя пранізкі, скроневыя кольцы, бурштынавыя падвескі). Найб. вядомыя помнікі С.к. на Беларусі Ксяндзова Гара, Струмень, Рудня-Шлягіна, Сябровічы, Ходасавічы.
Літ.:
Археалогія Беларусі. Т. 1. Мн., 1997.
А.Г.Калечыц.
Да арт.Сярэднедняпроўская культура: посуд 2-га (верхнія 3 рады) і 3-га этапаў.